МОНАХРАМАТЫ́ЧНАЕ СВЯТЛО́,

светлавое выпрамяненне строга вызначанай частаты. У дачыненні да інш. участкаў спектра эл.-магн. хваль карыстаюцца тэрмінам монахраматычнае выпрамяненне. Строга М.с. не існуе, таму што ўсякае рэальнае выпрамяненне абмежавана ў часе і ахоплівае пэўны інтэрвал частот (гл. Шырыня спектральных ліній). Крыніцамі выпрамянення, блізкага да М.с., з’яўляюцца, напр., спектральныя лямпы, лазеры; для яго вылучэння з нямонахраматычнага святла выкарыстоўваюцца інтэрферэнцыйныя святлафільтры і монахраматары.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)